«Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць». Якой была «Ноч танцаў» для звычайнага танцора

25.10.2019 19:55

Амаль тыдзень назад недалёка ад Гродна праходзіла «Ноч танцаў», наведаць якую мог кожны жадаючы. Моладзь, людзі старэйшага ўзросту, замежныя госці — усе мелі магчымасць правесці вольны час з неверагодным задавальненнем і патанцаваць для душы.

Мы вырашылі паразмаўляць з Кацярынай і даведацца, як гэта мерапрыемства выглядала для звычайнага танцора.

«Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць». Якой была «Ноч танцаў» для звычайнага танцора

— Андрэй Бароўскі — арганізатар сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» — ужо трэці год ладзіць такую ноч танцаў. І я кожны раз яе наведвала. У гэтым годзе мерапрыемства праходзіла ў вёсцы Казіміраўка, у аграсядзібе «Гэлена», вельмі цікавым і выдатным месцы.

Канешне, кожная ноч адрознівалася ад папярэдняй. У першую чаргу па колькасці людзей, якія ее наведалі. Так, у гэтым годзе танцораў было больш, чым у мінулым. Прыкладна прыехала чалавек 120-130. Я ведаю, што арганізатары рыхтавалі 150 магніцікаў, і ў выніку нейкая іх частка засталася.

«Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць». Якой была «Ноч танцаў» для звычайнага танцора

Дарэчы, адрозненне было і ў самім узроўні арганізаванасці. З’явіліся нейкія новыя рэчы, якіх не было ў мінулым годзе. Яны дробненькія і на першы погляд іх можна не заўважыць, таму мне цяжка іх узгадаць.

Ну і таксама павялічылася колькасць музыкаў, якія прыехалі з розных краін. У гэтым годзе было шмат музыкаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі. Былі і нашы, мясцовыя. Вельмі прыемна бачыць, што гэты праект развіваецца і падтрымліваецца.

«Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць». Якой была «Ноч танцаў» для звычайнага танцора

Са слоў Каці, у большай ступені на мерыпрыемстве гучала менавіта беларуская мова.

— Было вельмі прыемна слухаць з розных бакоў сваю родную мову. Але цікавы і той факт, што калі чула палякаў — разумела. Навогуле, моўнага бар’ера паміж людзьмі не існавала. Таму што танец сцірае ўсе гэтыя бар’еры.

Дзяўчына прызналася, што самы першы раз ехаць на ноч танцаў было вельмі страшна:

— Гэта такі страх, як перад экзаменам, калі ты не ведаеш, што цябе чакае за дзверкай. Вось і тут: ты не ведаеш, што цябе чакае на гэтым месцы. Але калі прыязджаеш туды, усе страхі кудысьці хаваюцца.

Таксама Кацярына апісала і само месца.

— Была агульная пляцоўка, пра якую ведалі ўсе танцоры. Туды прыходзіш — там граюць музыкі. У гэтым месцы і праходзіла асноўнае мерапрыемства.

Але ж музыканты, якія ўжо адыгралі, разыходзіліся на розныя кропкі сядзібы. І сядзець без інструмента ім было не цікава. Таму яны пачыналі граць у нейкім памяшканні, у нейкім пакоі. Танцоры, якія былі побач, трошкі падвальсоўвалі, падпрыгвалі. Вось так імправізацыйна стварыліся новыя танцавальныя пляцоўкі.

Закрытыя, маленечкія. Але гэта таксама было файна, калі ты ідзеш — і з розных бакоў чуюцца гукі музыкі, чуеца топат.

Само мерапрыемства працягвалася ўсю ноч. Афіцыйны пачатак быў у 7 гадзін, а танцы пачаліся дзесьці а 9 і працягваліся да 8 ранку. Без перапынку грала музыка, танцавалі танцоры.

«Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць». Якой была «Ноч танцаў» для звычайнага танцора

Калі хтосьці стамляўся, ён мог адпачыць у доміку. Людзі бралі з сабой спальнікі, лажыліся на падлозе і спалі. Хтосьці адпачываў на ложачку, былі і шэзлонгі. Увогуле, месца, дзе паспаць, хапала. Усё было на ўзроўні.

А кармілі ўсе і ўсіх. Перад пачаткам танцаў была агульная вячэра, на якой давалі суп і другое. Таксама былі розныя салаты і нават ежа для вегетарыянцаў. Пад час мерапрыемства дзейнічаў агульны стол. Танцоры прыязджалі са сваімі прысмакамі, ставілі гэта на агульны стол, каштавалі і каштаваліся.

Заўжды была гарачая вада, каб кожны мог зрабіць сабе каву ці чай і сагрэцца. Таксама бралі ссабоечкі. Галодных не было.

Ак адзначыла Кацярына, больш за ўсё яе ўразілі польскія танцы.

- Чамусьці менавіта яны запомніліся і спадабаліся больш за ўсё. Польскія танцы, польская музыка, іх меладычнасць.

Ехаць на мерапрыемства дзяўчына параіла і тым, хто нічога не ведае пра побытавыя танцы.

— Такія танцы не цяжкія на самай справе. Гэта тры-чатыры фігуры, пяць-шэсць максімум. І яны ўсе паўтараюцца. Трэба не саромецца, што не атрымоўваецца, а просто браць і танцаваць, глядзець, як танцуюць іншыя, давяраць свайму партнёру. Навучыцца вельмі лёгка.

Гэта ж побытавыя мясцовыя танцы, якія звычайна танцавалі ў вёсках пасля працы.

Я нават не ведаю, як апісаць тое, што там адбываецца. На гэтым мерапрыемстве трэба быць, каб усё адчуць самому. Апісанняў тут будзе недастаткова. Трэба менавіта адчуваць сябе на гэтым месцы. Там ствараецца нейкая святочная атмасфера.

Гэта сапраўды было нейкае свята ў душы. Дарэчы, яшчэ там было вельмі ўтульна, як дома. Усё было па-простаму, па-свойму. Узнікала пачцуццё адной вялікай сям’і.

Я б сказала, что трэба ехаць. Не пашкадуеце. Такія мерапрыемствы варта наведаць, варта там быць. Таму што гэта файна. Аргументаў прыводзіць не буду, бо калі не хочаш ехаць — аргументы не дапамогуць. Буду сваім прыкладам натхняць людзей на цудоўнае.

«Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць». Якой была «Ноч танцаў» для звычайнага танцора

Таксама Каця звярнула ўвагу на тое, што мерапрыемстваў накшталт гэтага не хапае нашай краіне:

— Я лічу, што такіх мерапрыемстваў павінна станавіцца больш і больш, трэба, каб яны папулярызаваліся. Праблема ў тым, што тыя ж «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» не так шырока распаўсюджаны. Пра іх ведаюць не ўсе, а толькі тыя, хто займаецца побытавымі танцамі, і іх сябры.

А сярод другіх людзей яны не так уж папулярызаваны. Сумна, бо на самай справе гэта вельмі цікава.

Праз такія мерапрыемствы можна пазнаёміцца з культурай беларусаў яшчэ глыбей і больш. Іх трэба праводзіць, таму што гэта наша спадчына, якой мы павінны ганарыцца і прэзентаваць на розных узроўнях. Гэта наша культура, наша гісторыя, наша мінулае і сучаснасць.

Оксана Ровба

Фото: из личного архива героини

Вика Черевако Автор: Вика Черевако Редактор интернет-ресурса