"Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя"

01.12.2014 18:18
Обновлено: 30.09.2017 21:54

3 снежня 2014 года а 15-й гадзіне ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, 1 паверх, п. 110) адбудзецца прэзентацыя выдання “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” ў 4 тамах – фундаментальнага даследавання літаратурнага працэсу нашай краіны. Унікальная, маштабная па сваёй навуковай значнасці праца створана вялікім калектывам аўтараў і рэдактараў на базе філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Кожная кніга выдання ўключае раздзелы агульнага разгляду па паэзіі, прозе, драматургіі, крытыцы і літаратуразнаўстве.

У персанальных артыкулах, прысвечаных творчасці буйных пісьменнікаў, раскрываюцца нацыянальная спецыфіка беларускай літаратуры, яе роля і значэнне ў паглыбленні грамадскай свядомасці, выхаванні нацыянальнага самаадчування, патрыятызму і гуманізму, паказаны ўвесь патэнцыял беларускай духоўнай культуры ў галіне мастацкага слова на працягу стагоддзя, яе ідэйна-эстэтычнае багацце і непаўторнасць.

Упершыню ў гісторыю айчыннай літаратуры ўключаны разгляд і аналіз набыткаў беларускіх пісьменнікаў Беласточчыны і літаратараў-эмігрантаў.

Ацэнка знакавых мастацкіх з’яў, складанай повязі пісьменніка з часам і грамадскай атмасферай грунтуецца на прынцыпах гістарызму, праводзіцца з улікам новых навуковых падыходаў, у адпаведнасці з сучаснымі гуманістычнымі, дэмакратычнымі патрабаваннямі.

Белновости
Фото: © Белновости

У кожным томе змешчаны раздзелы багатай на факты і падзеі хронікі літаратурнага жыцця.

Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў, спецыялістаў у навуковай, педагагічнай і культуралагічнай сферы, студэнтаў і навучэнцаў.

У рамках імпрэзы адбудзецца адкрыццё выставы “Літаратурная спадчына ХХ стагоддзя”, падрыхтаванай супрацоўнікамі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Экспазіцыя пазнаёміць з найбольш грунтоўнымі і важнымі выданнямі, якія пабачылі свет дзякуючы плённай працы навукоўцаў Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі.

Мастацкая літаратура была і застаецца летапісам жыцця чалавека і грамадства. Сярод экспанатаў – тамы “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” і папярэднія акадэмічныя выданні. Такога кшталту працы дапамагаюць скласці найбольш поўнае ўяўленне аб беларускім літаратурным працэсе і яго асаблівасцях, вярнуць чытачам забытыя творы і імёны.

На выставе дэманструюцца таксама дапаможнікі па беларускай літаратуры, калектыўныя і аўтарскія манаграфіі, у якіх разглядаецца гісторыя айчыннага прыгожага пісьменства ХХ стагоддзя, падводзяцца асноўныя вынікі развіцця нацыянальнага літаратурнага працэсу, раскрываецца маральна-эстэтычны і духоўны патэнцыял мастацкіх твораў.

Пачэснае месца на выставе займаюць такія выданні, як Збор твораў Я. Коласа ў 20 тамах, Поўны збор твораў Янкі Купалы ў 9 тамах, Збор твораў Максіма Танка ў 13 тамах, Збор твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах.

 Прыняць удзел у мерапрыемстве запрошаны кіраўніцтва НАН Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў, аўтарскі калектыў выдання і іншыя літаратуразнаўцы.

Белновости Автор: Белновости Редакция интернет-портала